Home

Advertisement

Customize

Previous 20

Nov. 28th, 2009

Акустычны канцэрт

Ну, і што, што доўга маўчаў? Бывае, трэба і памаўчаць-пачакаць. Засяродзіцца. Спадзяюся, неўзабаве здолею Вас паінфармаваць пра розныя новыя праекты, бо зараз яны ўсе ў працы. Рана анансаваць.

Але можна паведаміць пра акустычны канцэрт N.R.M.

Адбудзецца 17 сьнежня ў КЗ. Паспрабуем стварыць утульную хатнюю атмасфэру ў гэтай савецка-афіцыёзнай залі. Чорны раяль, адказы на пытаньні, рарытэтныя песьні, перадкалядны настрой - усё такое...

Таму прыходзьце. N.R.M. цяпер даволі рэдка выступае. А мы ўжо прыкладзем намаганьні, каб усё не было шарагова і будзённа.

Jun. 24th, 2009

Канец словаў

Ну, зьняўся для арт-календара. Ну, Андрэй Шчукін (вядомы фатограф) прыдумаў нейкі пэўны антураж. Ну, і было зразумела, што, як заўсёды ў нашай краіне, будзе шмат абураных. Так і атрымалася. Дзякую ўсім за неабыякавасьць да маёй асобы. 

Насамрэч, патасны твар атрымаўся празь цяжкасьць пазаваньня, надта ўжо давялося напружвацца на вышыні чатырох мэтраў, лежачы на вялікім шкле цягам 40 хвілінаў. Ня вельмі простая гэтая работа.

Для тых, хто не разумее, пра што вядзецца - паглядзіце камэнты да мінулага посту.

Для тых, хто пытаецца, дзе я зьнік - тут: http://www.belradio.fm/by/821/431/31354/ 

Apr. 16th, 2009

Радыё ГАМОН

Шаноўныя фрэнды і ня меней шаноўныя наведнікі гэтае старонкі! 21 красавіка на "Эўрапейскім радыё для Беларусі" пройдзе online-сустрэча са мной. Таму, калі кагосьці нешта цікавіць, задавайце Вашыя пытаньні. Пішыце сюды: http://www.euroradio.fm/by/815/430/31062/.

А праз тыдзень пасьля гэтае сустрэчы запускаю новы праект - "Радыё ГАМОН". Таксама са зваротнай сувязьзю. Таму ўсіх сардэчна запрашаю!



Jan. 16th, 2009

Такога няма нідзе



Усе пыталіся: чаму гэткая тэма, чаму менавіта Валодзя Пугач абраны для супольнага выкананьня?

Ну, я там нешта сабе прыдумляў для журналістаў, маўляў, заўшоў у краму “Акіян”, а там ў акварыюме плаваюць рыбы, дык падумалася: напішу пра рэкі і вазёры. Потым, гляджу – пакункі стаяць з морсам, дык адразу зразумеў: Пугач!

Каюся: гэта была хлусьня. Гэткая нявінная, у чымсьці дзіцячая, але ўсё ж хлусьня. Папросту сорамна мне было прызнацца, што мы з Валодзем даўно ўжо разам ходзім (і езьдзім) на ловы.  Абвандравалі, практычна, усю Беларусь. І зараз, зімою, рэгулярна наведваем нашыя вадаёмы, бурым сьвідравіны й цягаем рыбу. Балазе, цяпер усталявалася сапраўдная зіма, лёд надзейна стаў. Нажаль, Новы год мы сустракалі паасобку – я – на Нарачы, ён – у гарадзенскім аквапарку. Я дык, натуральна, прасьвідраваў быў сабе адтуліну, але злавіў толькі некалькі рыбаў. Бо часу не было, мусіў пад’яднацца да сьвяткавальнікаў. А Валодзя… Ну, аквапарк – таксама справа добрая. Вадзяная ўсё ж. Але ж перажываў ён вельмі, пераймаўся, усё смс-кі слаў, маўляў, як там? Ловіцца ці не?

У Валодзі дома вялікі, на ўсю сьцяну, акварыюм з трафэямі. Пярліна калекцыі – стары 2-мэтровы шчупак. Усе вудалі зайздросьцяць. Адно толькі гэты драпежнік часьцяком зьнішчае іншых экспанатаў, хаця й харчуюць яго рэгулярна набытымі ў краме “Акіян” карпамі й іншымі прадстаўнікамі вадзяное фаўны.

Вось таму й напісалася, тэмаў доўга ня трэба было шукаць. А хто не разумее, пра што я тут выказваюся, зайдзіце на “Тузін гітоў” і спампуйце песеньку “Такога няма нідзе” – Вольскі, Пугач. Прыемных ловаў!



Dec. 2nd, 2008

Удакладненьні

Я спадзяюся, да кітайскага Новага году выйдзе гэты дыск зь відэададаткам. А канцэрт у "Графіці" - 4-га сьнежня.

Dec. 1st, 2008

(no subject)





Адздымалі мы канцэрцік. 11 песень у стылі 60-х гадоў. Давялося напісаць у даволі сьціслыя тэрміны. І запісаць. Сьпявалі розныя артысты - Сьвета Зелянкоўская, Аня Хітрык, Віталік Артыст, Валодзя Пугач, Паша Булатнікаў... Шмат людзей. Здымалі ўсю ноч. Дадому прыехаў а 10-й раніцы. Цікава, які будзе вынік? Гэтым разам рэжысэр - Мацей Сабураў. Таму хочацца спадзявацца на штосьці выбітнае.

Наогул, насычаныя дні. Зьезьдзілі ў Літву. Я, Анечка і Ўладзік (бас "Крамбамбулі"). Ва Ўладзіка быў польскі Шэнген, таму давялося ехаць праз Польшчу, каб гэтая віза запрацавала. Польска-літоўскую мяжу пераходзілі ў нейкіх лясных нетрах пад Аўгуставым. Незабыўныя ўражаньні. Будка, падняты шлякбаўм. Нікога наўкола. Дзікавасьценька. У Вільні былі а 9-й вечара. Праехалі 650 кілямэтраў. Дарога дадому пасьля гэтага падалася імгненнай.

А! Я ж хацеў запррасіць Вас на:
1. "Народны альбом" у малой залі КПЗ "Мінск". 2-га і 3-га. Два канцэрты.
2. У "Графіці" на, тыпу, прэзэнтацыю "Куплетаў і прыпеваў". "Тыпу" - таму што там будзе зграна шмат усяго апроч вышэйзгаданага альбому. Мне дапаможа Павал Трацяк - выдатны гітарыст. Дарэчы, зграем штосьці з альбому 60-х. Напрыклад, песьні "Роля героя", "Рыкша" і , мажліва, "Такога няма нідзе". Я разумею, гэтыя назвы Вам нічога не гавораць. Дык прыходзьце! Скажуць. Вышэй - фрагмэнты фотасэсіі з канцэрту.   


Nov. 7th, 2008

Канцэрты N.R.M

Шаноўнае спадарства! Хто яшчэ ня ведае - 8.11 - канцэрт N.R.M. у Гомлі, Гарадзкі Цэнтар Культуры.

14.11 - вялікі канцэрт на радзіме (Менск), у клюбе Night Star (гэта ў раёне Чырвонага касьцёлу). Арганізатары прасілі запэўніць усіх, што, калі, нават, у папярэдніх распаўсюднікаў ня будзе квіткоў, непасрэдна перад канцэртам у касе клюбу іх дакладна (!) можна будзе набыць. Нейкія там у арганізатараў праблемы з распаўсюдам. Гавораць пра якуюсьці міфічную бронь, яшчэ нейкія малазразумелыя мне словы. Карацей, прыходзьце ў клюб, набывайце квіток - і наперад!

15.11 - канцэрт у гарадзенскай філярмоніі (былыя "Хімікі").

Разынка
канцэртаў: пасярод акцыі будуць выкананыя некалькі песень акустычна. Тых, што часта выконваюцца ў Менску, у "Графіці" і болей нідзе. Добра забытыя старыя (кшталту "Халоднага блюзу") і яшчэ тое-сёе.
Чакаем!

Sep. 25th, 2008

Проста так

Вось захацелася, чамусьці, павіншаваць Сярожу Міхалка. На дзіва добры альбом! Ведаеце, што разумееш, калі слухаеш: нават, не абавязковы нейкі набор гітоў і г.д. Проста праграма неяк дыхае адмыслова, нешта ад яе чуеш гэткае... Сапраўднае. Дачка падсела, слухае кожны дзень. Карацей, атрымалася! Прыемна. 

А другое - чамусьці, захацелася падзяліцца ўражаньнямі ад здымкаў кліпу ("Крамбамбуля", з Толікам Вечарам, каля кульку, у канцэртовых строях, з бумбоксам, сем ідыётаў танчаць, каўбасяцца на пераходзе, у вагоне электрычкі, у падземным пераходзе...). А народ ніяк не выказвае эмоцыі. Гляне гэтак, трывожна, а потым адводзіць вочы. Баіцца, ці што? Калі, нават, не баіцца, дык перасьцерагаецца.

І яшчэ. Мы з "Крамбамбуляй" неяк гралі ў шклоўскай калёніі. Дык я, паглядзеўшы на інструмэнты, што стаялі каля сьценачкі ў клюбе, пагарачыўся, маўляў, як на гэтым можна граць, мы вам прывязем палепей. Хаця б якія ГДРаўскія... А цяпер трэба выконваць абяцаньне. Знайшлі адно стары бас музімаўскі. Можа, хлопцы, у каго ёсьць што непатрэбнае? У цюразе прыдасца, і Вам будуць шчыра дзякаваць. Тэрмін - да серады наступнага тыдню.



Aug. 14th, 2008

Зноў "Сэрца жыве"

Калі раней "Крамбамбуля" ўзяла ўдзел у акцыі "Сэрца жыве", у мяне пыталіся (у тым ліку і на ЖЖ), ці можна перасылаць грошы праз Webmoney. Дык вось, цяпер - можна!
Даляры – Z622038393970, эўра – E286206891870, рас. рублі R695931672751, бел. рублі – B411817094794.

Сабралі пакуль толькі 40 тысячаў эўра з 350 патрэбных. 

Дарэчы, песьня "13" цяпер таксама ёсьць на гэтым сайце, і яе можна спампаваць на адрэсе: serca.tut.by. Там жа - усё пра акцыю, для тых, хто ня ў курсе. Запіс песьні "13" - з апошняй акустыкі N.R.M. у КПЗ "Мінск". Наш унёсак у "Марскі альбом", які так і не пабачыў сьвет.

"Be together" - хто зблізіт эці народы?

Неўзабаве трэба ехацьна "B2g". Я там (у Вільні) нядаўна быў, бо арганізатары наладзілі нечаканы прома-візыт. Удзел у ранішняй тэлепраграме, адказы на пытаньні ў працэсе онлайн-канфэрэнцыі вядучага літоўскага парталу DELFI, інтэрвію...

За мяжою часта так - адчуваеш сябе ў працэсе, у працы, у плыні. Затое ў нас - ціха, спакойна (у сэнсе работы, прынамсі, мэдыяльнай), ёсьць мажлівасьць паразважаць, парэфлексаваць... Толькі ці трэба гэта?

Наколькі зараз мала пра нас ведаюць! Быццам жывем зусім побач - дзьве гадзіны ехаць. Распавядаеш, здаецца, абсалютна шараговыя для беларуса рэчы, дык зьдзіўленьню слухачоў няма межаў. Жывем у двух розных сьветах. Кто зблізіт эці народы(цытата)?  Паспрабуем мы. Зблізіць.

Калi хто ня ведае, N.R.M. грае 15-га  жніўня а 18-й гадзіне. Запрашаем!

  

Jul. 30th, 2008

Бярэсьце, Пружаны, Ружаны

У суботу гралі з "Крамбамбуляй" у Берасьці. Нейкае сьвята, тыпу, сьвята гораду. Апроч нас: "Топлес", "Дразды", Сярога. Апошні зь пералічаных (зорка) граў першы, бо сьпяшаўся ў Юрмалу. Таму выканаў палову дамоўленае праграмы ды паляцеў... З усіх гэтых артыстаў найболей арганічна выглядалі "Топлес" (хто б падумаў!).

Jul. 21st, 2008

Куплеты з прыпевамі. Яшчэ адна спроба.

Вось прызначылі яшчэ адну дату прэзэнтацыі (аўтограф-сэсіі і міні канцэрту) "Куплетаў і прыпеваў". Гэта 24 ліпеня, чацьвер. Адрэса тая ж - гандлёвы цэнтар "Рыга", дыскарня "Містэрыя гуку". Пачатак а 18-й. Спадзяюся, гэтым разам атрымаецца. Запрашаю ўсіх! 

Jul. 9th, 2008

"Безь цябе" з Русяй на serca.tut.by

На сайце serca.tut.by выкладзеная песьня "Безь цябе" з "Крамбамбулі сьвяточнай". Гэтым разам - у дуэце з Русяй. Падаецца, атрымалася няблага. Паслухайце, калі цікава. Можаце й грошыкі пералічыць, дарэчы, каб дапамагчы хвораму чалавеку. Добрая справа.

Jun. 27th, 2008

Перанос прэзэнтацыі

Спадарства, нажаль, я сёньня ня здолею прысутнічаць на прэзэнтацыі "Куплетаў і прыпеваў", бо захварэў. Нейкі моцны вірус. Высокая тэмпэратура і ўсе іншыя хваробныя радасьці...
Таму, калі ласка, пачакайце. Прэзэнтацыя (зь міні-канцэртам) абавязкова адбудзецца. Калі - я паведамлю. А сёньня можна будзе там, у рыскай "Містэрыі", купіць дыскі таньней, чым яны будуць прадавацца потым.
Дзякую за разуменьне!

Jun. 26th, 2008

"Куплеты і прыпевы". Цяпер на дыску

Калі каго цікавіць, дык заўтра, 26 чэрвеня, ў краме "Рыга" адбудзецца прэзэнтацыя альбому "Куплеты і прыпевы". Я з гітарыстам Пашам Трацяком, нават, нешта (песьні 4-5) Вам сьпяю. Раней гэты матар'ял, наогул, не плянавалася выпускаць у шырокі продаж і граць на канцэртах, але жыцьцё ўносіць свае карэктывы. Народ захацеў дыску, а якая прэзэнтацыя бязь песень!

Пачатак а 18-й. Прыходзьце. Паразмаўляем, папяем, паслухаем.

May. 27th, 2008

N.R.M. зажэрліся

Задзерлі нос. Адмовіліся ад удзелу ў "be2gether". Людзі абураюцца.

Насамрэч, бываюць сытуацыі, калі пагадзіцца прасьцей. Але гэта ня будзе на карысьць справе. Нам патэлефанавалі за 1 (!) дзень да прэсавай канфэрэнцыі і агучылі ўмовы, якія нас не задаволілі. То бок, альбо пагаджаецеся на тое, што прапаноўваецца, альбо ня ўдзельнічаеце. Можна было пагадзіцца: дзеля йдэі, дзеля беларускае публікі, дзеля таго, што пагадзіцца заўжды прасьцей...

І выступалі б на далёка не галоўнай сцэне ў нярэйтынгавы час. Канцэрт нікому б не зайшоў (бо й апарат, і ўсё наогул на той сцэне будзе горш, чымсьці на галоўнай+якіясьці 3 гадзіны дню). Казалі б: "Вось немцы далі дык далі!" А немцы гралі б аб 11-й вечара з супэрсьвятлом і спэцэфэктамі (не кажу пра апарат). Дык які сэнс у гэткай акцыі?

Іграць, дык як "Ляпісы". Зь імі ж ніхто не дамаўляўся за дзень да канфэрэнцыі. Маўляў, адкажыце зараз, бо заўтра мы мусім агучыць удзельнікаў. 

Наогул, такое стаўленьне да беларускіх гуртоў... Нават у саміх беларусаў. І ў саміх беларускіх гуртоў. Гэта перадаецца й арганізатарам.    

May. 20th, 2008

Аўтограф-сэсія&канцэрт


 Пішу пра гэта, бо ня ўпэўнены, што Вы даведаецеся зь іншых крыніцаў.

У дзень канцэрту "Крамбамбулі" (21 траўня, КЗ) а 16-й гадзіне у офісе МТС (Карлы-Марлы, 26) адбудзецца аўтограф-сэсія гурту. Чамусьці гэтая падзея не афішуецца сродкамі масавай інфармацыі і самой тэлефоннай канторай. Таму я асабіста запрашаю. Пасядзім. Параспісваемся. Паразмаўляем пра тое, што будзе на канцэрце. А гэта ўжо вызначылася.

Будуць удзельнічаць: Алег Хаменка ("Папараць-кветка", разам з Машай Яр), Ніна Цішко ("Грапа, к'янці..."), Саша Кулінковіч ("Марскі чалавек") , Аня Хітрык ("Тэкіла" і , мажліва, яшчэ штосьці), Сьвета Зелянкоўская (на здымку, "Старыя хіпаны" і яшчэ адна песьня, хай для Вас будзе сюрпрызам, якая), Віця Шалкевіч (вядзеньне, сюрпрызы), Воля Самусік ("Безалькагольнае піва").

Запрашаю да нас у бунгала (нагадваю, стыль - пляжна-рамантычна-адпачывальны)!

May. 9th, 2008

Тэндэнцыя

Дзіўная тэндэнцыя: на сайце "НН" адной зь першых навінаў стаіць "Океан Ельзи" зноў у Менску". Гэта за 22 дні да канцэрту!

У гэты ж дзень (29-га) адбудзецца й акустыка N.R.M. у КЗ. Я ўжо не кажу, што 21-га ў той жа КЗ - "Крамбамбуля". Пра гэта "НН" пакуль ня піша. "Океан" страмчэй.

На фан-сайце (!) вышэйпамянёнага гурту з трох літараў ягоныя прыхільнікі разважаюць, куды лепей пайсьці 29-га. Меркаваньні падзяліліся. З прыкрасьцю канстатуюць, што давядзецца, відаць, на N.R.M., бо на ўкраінцаў задорага.

Хутчэй за ўсё, "размарозка" і выхад з падпольля - усё гэта было няправільна. У нашай краіне мусіла быць гэтак: айчынная музыка - у сутарэньнях, замежная (стромкая) - на сцэнах. Гэта было б арганічна. А так зараз будуць параўноўваць, наколькі ў "Океану" быў лепшы гук, сьвятло й выкананьне, і звыклы набор банальных развагаў пра ўсё гэта.

Тэндэнцыя, однако!

May. 7th, 2008

"Крамбамбуля" ў КЗ

 Прыходзьце 21-га траўня ў КЗ! Там будзе вялікае шоў "Крамбамбулі". Зноўку дуэты зь дзяўчынамі, зь іншымі цікавымі асобамі. Весьці будзе Шалкевіч, а можа, чагосьці й засьпявае...

Хутчэй за ўсё, канцэрт будзе ў адпачывальна-пляжным курортным экзатычным стылі. Як гэта? Прыходзьце, паглядзім разам. 

Спрабуем завяршыць работу над DVD зь мінулага канцэрту. Але, высьвятляецца, гэта вялікая праца - карцінка, гук, шчыгулы... Можам не пасьпець. Але хочацца. Мне дык матар'ял вельмі даспадобы, а музыкі паглядзелі й гавораць: "У "Muse" палепей"... 

May. 4th, 2008

25 Сакавіка

     Маўчаў-маўчаў... Але навязьлівае адчуваньне, што трэба выказацца. Пра сьвяткаваньне Дню Волі
     Напярэдадні гэтага векапомнага дню затэлефанаваў да мяне Бартосік і пытае: "Як бы ты парэкамэндаваў адзначаць гэтыя ўгодкі?" Ну, я кажу, трэба наблізіцца да Сьвятога Патрыка. Акупаваць рэстарацыі, кавярні й бары ў цэнтры сталіцы (загадзя зарэзэрваваць), прасіць (настойліва) бармэна, каб ставіў нашую музыку, мець на сабе хоць мінімальную, але бел-чырвона-белую сымболіку, весяліцца й сьвяткаваць па поўнай. Каб і самім было што прыгадаць, і гэтыя ўразіліся б. Ну, трэба было б ашчадзіць для акцыі тысячаў па 50-100. Урэшце, багацейшыя праставяцца... Каб увесь цэнтар гораду стаяў на вушах, а браць было б няма за што. Ну, сьвяткуюць, дык што?..
     Дык не. Як заўжды - аўтазакі, кроў, крыкі... Адзначылі. Далі гэтым падставу прадэманстраваць Амэрыцы, хто тут гаспадар.
     Мне ўпікаюць, што мы з N.R.M., наогул, паехалі ў Варшаву й гралі там жывы канцэрт у "Радыё-3". Але ж яго праслухалі 300 000! І пасьля канцэрту была вялікая размова пра Беларусь, гісторыю, культуру, пардоксы й эксклюзыўную сытуацыю. Гэта была акцыя. Пасьля якой мы ўзьнялі келіхі і выпілі за 90-годзьдзе БНР.

Previous 20

Advertisement

Customize